МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ ЗАЛАТАГО́РСКІ КАСЦЁЛ, касцёл святога Роха,

помнік архітэктуры неаготыкі ў Мінску. Пабудаваны ў 1861—64 з цэглы на б. каталіцкіх могілках Залатая горка. Аднанефавы аднавежавы прамавугольны ў плане храм з 5-граннай апсідай, мае сім. аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны 2-яруснай прамавугольнай у плане вежай пад 4-схільным шатром. Па баках франтона — дэкар. вежачкі. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі 3-ступеньчатымі контрфорсамі, а таксама стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход у выглядзе высокага спічастага партала. Пасля рэстаўрацыі (1983) будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Бел. дзярж. філармоніі. Пры ўваходзе ў залу — керамічная скульптура «Музыка», у нішах б. крыпты — дэкар. скульптуры нар. персанажаў (маст. М.Байрачны, В.Прыешкін), у нішах каля аргана — драўляныя скульптуры (скульпт. Л.Давідзенка). Аконныя праёмы аздоблены арнаментальным вітражом.

А.Ю.Пятросава.

Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл.

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)